Аб духоўным і зямным
Ці можна ўжываць у пост віно і ці варта ставіць яго на велікодны стол?
Як паказала нядаўняе апытанне на сайце “НГ”, нямала нашых чытачоў прытрымліваецца Вялікага Посту. І хоць сэнс яго перш за ўсё ў ачышчэнні думак і памкненняў чалавека, большасць пытанняў узнікае менавіта аб другім баку ўстрымання – што можна ўжываць у ежу тым, хто посціцца. І калі з ежай усё больш-менш зразумела: стравы, якія ўтрымліваюць малако, масла, сыр, яйкі, мяса неабходна выключыць з рацыёну, то наконт чырвонага віна існуюць розныя меркаванні. Пры гэтым найбольш распаўсюджаная версія ад святароў – чырвонае віно падчас Вялікага Посту дазваляецца толькі ў святы Благавешчання і Уваходу Гасподняга ў Іерусалім (Вербную нядзелю). Прычым пажадана віно крыху разбавіць вадой.
А вось на Вялікдзень на святочным стале чырвонае дэсертнае віно дапускаецца. Дарэчы, пацверджаннем таму – цікавы факт: сёлета да свята Пасхі на Мінскім заводзе вінаградных він (ТМ Ambassador) выпушчана віно, асвечанае праваслаўнай царквой. Прычым “Край манастыроў” асвяцілі спачатку ў Малдове, дзе яго, уласна кажучы, і вырабляюць. На прадпрыемства “Vinaria din Vale” спецыяльна былі запрошаны святары Кішынёва-малдаўскай метраполіі, якія здзейснілі абрад асвячэння і самога віна, і ёмістасцяў, у якіх яно вырабляецца, і нават вінавозы, у якіх яно дастаўляецца ў нашу краіну. А ўжо непасрэдна ў Мінску, дзе напой разліваецца, яго асвяцілі прадстаўнікі Беларускай праваслаўнай царквы.
Кіраўнік малдаўскага прадпрыемства Уладзімір Давідэску і дырэктар мінскага завода Дзяніс Мароз спадзяюцца, што іхні велікодны падарунак ацэняць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Па смаку і саставу віно, вырабленае па старых манастырскіх рэцэптах, вельмі падобнае на кагор, якое ў царкве выкарыстоўваецца для прычашчэння. Так што выпіць келіх добрага віна на Вялікдзень і нават пакаштаваць яго ў некаторыя дні посту не забараняецца. Галоўнае памятаць пра патрабаванне і рэлігіі, і маралі, і проста здаровага сэнсу: піць, але не ўпівацца.
Алена ЛЯЎКОВІЧ, “НГ”